Тэма 5. АСОБАСНЫЯ ФАКТАРЫ КАМУНІКАЦЫІ

 

Ажыццяўляючы маўленчы акт, моўца выпрацоўвае камунікатыўную стратэгію і камунікатыўную тактыку. Пад камунікатыўнай стратэгіяй разумеецца сукупнасць запланаваных моўцам загадзя і рэалізаваных падчас камунікатыўнага акта тэарэтычных хадоў, накіраваных на дасягненне камунікатыўнай мэты.

Уяўленне пра спосаб аб’яднання гэтых тэарэтычных хадоў у адно цэлае (камунікатыўную стратэгію) называецца камунікатыўнай
інтэнцыяй
. Яна з’яўляецца рухаючай сілай камунікатыўнай стратэгіі. Інтэнцыя належыць індывіду і гэтым адрозніваецца ад пазаасабовых канвенцый – правілаў паводзін у рэгламентаваных грамадствам маўленчых сітуацыях. Камунікатыўная мэта – стратэгічны вынік, на які накіраваны  камунікатыўны акт; вынік можа абмяркоўвацца як на вербальным, славесным узроўні (узяць на сябе абяцанне, адмовіцца, пакрыўдзіцца і г. д.), так і на ўзроўні фізічных дзеянняў (сысці на вайну, прыступіць да працы, падаць на развод і г. д.). Калі ў ходзе камунікацыі сапраўды ствараюцца ўмовы для дасягнення адпаведных вынікаў, камунікатыўны акт мае не толькі камунікатыўную мэту, але і камунікатыўную перспектыву.

Камунікатыўная тактыка разглядаецца ў якасці сукупнасці
практычных хадоў у рэальным працэсе маўленчага ўзаемадзеяння, яна суаднесена з наборам камунікатыўных намераў – тактычных хадоў, якія з’яўляюцца практычным сродкам руху да адпаведнай камунікатыўнай мэты. Уся сукупнасць такіх практычных сродкаў у рэальным працэсе маўленчага ўзаемадзеяння стварае камунікатыўную тактыку. Камунікатыўны вопыт разумецца як сукупнасць уяўленняў аб паспяховых /няўдалых камунікатыўных тактыках, якія вядуць/не вядуць да рэалізацыі адпаведных комунікатыўных стратэгій [16, с. 17].

Складнікам маўленчай тактыкі з’яўялецца кампазіцыя (лац. compositio ‘складанне’) – гэта заканамернае, матываванае зместам і задумай размяшчэнне ўсіх частак тэксту. Найбольш распаўсюджанай класічнай структурай тэксту лічыцца трохчастковая, якая ўключае ў сябе элементы: уступ, галоўную (асноўную) частку, заключэнне. Такую структуру часцей за ўсё маюць інфармацыйнае паведамленне, даклад. Вітальная прамова ў цяперашні час адрозніваецца свабоднай кампазіцыяй, якая шмат у чым вызначаецца сітуацыяй і адрасатам.

У ходзе эксперыментаў было ўстаноўлена, што запамінаецца і засвойваецца лепш за ўсё тое, што даецца ў пачатку або ў канцы паведамлення, што тлумачыцца дзеяннем так званага псіхалагічнага закону “краю”. Таму важна прадумаць змест уступу і заключэння.

Задача ўступу – падрыхтаваць слухачоў да ўспрымання тэмы. На думку вопытных выступоўцаў, варта адразу прыцягнуць увагу аўдыторыі. Прыёмаў прыцягнення ўвагі існуе мноства: цікавы ці нават нечаканы прыклад; прыказка, прымаўка, крылаты выраз, цытата; аповед пра якія-небудзь падзеі, што маюць дачыненне да тэмы выступу; пытанні, якія дазваляюць уцягнуць слухачоў у актыўную разумовую дзейнасць.

Заключэнне павінна быць кароткім, сціслым. У ім, як правіла, падводзяцца вынікі сказанага, робяцца абагульненні; коратка паўтараюцца асноўныя тэзісы, падкрэсліваецца галоўная ідэя і важнасць для аўдыторыі разабранай тэмы; вызначаюцца шляхі развіцця выяўленых думак; ставяцца новыя задачы, акрэсліваюцца перспектывы, гучыць запрашэнне выказаць сваё меркаванне, паспрачацца.

Сучасныя прамоўцы выкарыстоўваюць метады выкладання матэрыялу галоўнай часткі, якія сфарміраваліся на аснове працяглай практыкі:

1) індуктыўны метад – аналіз матэрыялу ад прыватнага да агульнага, ад канкрэтных фактаў да высноў;

2) дэдуктыўны метад – разважанне ад агульнага да прыватнага, вылучэнне нейкіх палажэнняў, а затым тлумачэнне іх сэнсу на прыкладах;

3) прыступкавы метад – паслядоўны выклад аднаго пытання за адным. Разгледзеўшы праблему, аўтар тэксту ўжо больш да яе не вяртаецца;

4) гістарычны метад – падача матэрыялу ў храналагічнай паслядоўнасці, напрыклад, на гістарычныя або біяграфічныя тэмы;

5) канцэнтрычны метад – размяшчэнне паведамлення вакол галоўнай праблемы, адзінага цэнтра. Моўца аналізуе прадмет з усіх бакоў, пры дапамозе розных азначэнняў (прыкладаў, тлумачэнняў і т. п.), пераходзячы ад агульнага разгляду да больш глыбокага;

6) метад аналогіі – супастаўленне розных з’яў, падзей, фактаў, падобных паміж сабой;

7) метад кантрасту пабудаваны на аснове параўнання палярных, супрацьпастаўленых прадметаў, праблем, з’яў, іх супрацьпастаўлення.

Выкарыстанне розных метадаў у адным выказванні дазваляе зрабіць яго асноўную частку арыгінальнай, нестандартнай.

Калі моўца клапоціцца аб тым, каб забяспечыць зваротную сувязь, выклікаць у слухача патрэбную рэакцыю на паведамленне – інтэлектуальную (зрабіць зразумелым), эмацыйную (абудзіць пачуццё), валявую (прымусіць дзейнічаць), то гэта з’яўляецца сведчаннем выразнасці яго прамовы.

Камунікатыўны (маўленчы) ход – гэта тактычны ход, які з’яўляецца практычным сродкам дасягнення камунікатыўнай мэты; іншымі словамі, гэта элемент камунікатыўнай тактыкі, сукупнасць камунікатыўных хадоў, якія складаюць камунікатыўную тактыку. Т. А. ван Дэйк вызначае маўлен-чы ход як функцыянальную адзінку паслядоўнасці дзеянняў, якая спрыяе вырашэнню лакальнай або глабальнай задачы пад кантролем стратэгіі.

Камунікатыўныя хады ўзгадняюцца з папярэднімі і наступнымі, выбудоўваючы тактыку. На аснове выкарыстання камунікатыўных тактык моўца ўзбагачае свой камунікатыўны вопыт – сукупнасць уяўленняў аб паспяховых і няўдалых камунікатыўных тактыках, якія прыводзяць ці не прыводзяць да рэалізацыі адпаведных камунікатыўных тактык.

Такім чынам, моўца выпрацоўвае камунікатыўную стратэгію, якая ператвараецца (ці не ператвараецца) у камунікатыўную тактыку як сукупнасць камунікатыўных хадоў, папаўняючы яго камунікатыўны вопыт.

У залежнасці ад выбраных крытэрыяў існуюць розныя тыпалогіі камунікатыўных стратэгій.

У адпаведнасці са ступенню “глабальнай” мэты вылучаюць агульныя і прыватныя стратэгіі. Напрыклад, агульная стратэгія дыскрэдытацыі рэалізуецца ў прыватных – абвінавачванні, абразы, насмешкі.

З функцыянальнага пункту гледжання вылучаюць асноўныя і дапаможныя стратэгіі. Асноўная стратэгія – гэта самая значная ў камунікатыўным узаемадзеянні з пункту гледжання матываў і мэтаў.

Дапаможная стратэгія – гэта стратэгія, якая спрыяе эфектыўнай арганізацыі маўленчага ўзаемадзеяння, напрыклад, гэта стратэгіі статутныя і ролевыя, накіраваныя на стварэнне эмацыйнага настрою.

Сярод камунікатыўных стратэгій вылучаюць маніпулятыўныя.

Маніпуляванне – гэта ўздзеянне на чалавека з мэтай заахвоціць яго да дзеянняў несвядома або насуперак яго ўласным меркаванням, намеру. Маніпуляванне носіць імпліцытны характар, паколькі аб’ект маніпулявання можа не ўсведамляць уплыву, тады як прымус заўсёды эксплікуецца.

Сучасны чалавек павінен валодаць разнастайнымі стратэгіямі, паколькі ў розных камунікатыўных сітуацыях, аўдыторыях, пры зносінах з рознымі тыпамі суразмоўцаў узнікае неабходнасць як у маўленчым дзеянні, так і ў маніпуляцыі (напрыклад, неабходнасць маніпуляцыі ў дачыненні да дзяцей, эмацыйна узбуджаных людзей, п’яных, істэрыкаў, канфліктных асоб і да т. п.). Такім чынам, маніпулятыўная стратэгія як тып стратэгіі не з’яўляецца лаянкавым словам або маральна асуджальным спосабам уздзеяння на людзей.

Камунікатыўная няўдача – адмоўны вынік камунікацыі, такое завяршэнне зносін, калі мэта не дасягнута. Няўдачы з’яўляюцца па розных прычынах: калі няправільна пабудаваны маўленчы ўплыў, абраны не тыя спосабы ўздзеяння, не ўлічаны асаблівасці адрасата, не выкананыя правілы бесканфліктных зносін і інш. [71, с. 18].

Важна ахарактарызаваць гендарны аспект камунікатыўных паводзін.

Прырода стварыла мужчын і жанчын неаднолькавымі. Мужчыны часта паміраюць раней за жанчын, таму што атрымліваюць больш траўмаў і раненняў, больш схільныя да ўздзеяння стрэсаў – гэта вынік характэрнага для мужчыны інтэнсіўнага кантакту з навакольным асяроддзем, патрэбы актыўнага ўздзеяння на асяроддзе, закладзенага ў мужчынскім характары.

Мужчыны і жанчыны валодаюць спецыфічнымі асаблівасцямі прыроджанай мімікі і жэстыкуляцыі, па-рознаму здзяйсняюць многія фізічныя дзеянні, па-рознаму глядзяць на прадметы. У параўнанні з жанчынамі мужчыны дрэнна прыстасоўваюцца да зменаў навакольнага асяроддзя, асабліва калі гэтыя змены адбываюцца раптоўна. Пры любой змене сітуацыі жанчына асвойваецца значна хутчэй, дэманструючы пры гэтым кансерватыўную стратэгію: імкненне прыстасавацца, адаптавацца да  зменлівых умоў. Мужчына дэманструе актыўную стратэгію: ён імкнецца актыўна ўздзейнічаць на навакольнае асяроддзе, абставіны, змяніць іх у адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі і намерамі.

Мужчына ў зносінах з іншымі людзьмі дэманструе стратэгію настойлівасці, жанчына больш схільная рэалізаваць стратэгію падатлівасці. Мужчына заўсёды гатовы нешта рабіць.

Камунікатыўная дасведчанасць прадугледжвае, што мужчыны павінны ведаць і ўлічваць асаблівасці жаночых паводзінаў і зносін, а жанчыны – мужчынскіх. Неабходна размаўляць на мове, зразумелай партнёру. Гэта азначае, што жанчына павінна імкнуцца гаварыць з мужчынам на “мужчынскай”, зразумелай яму мове, а мужчына з жанчынай – на “жаночай”. Сустрэчны рух забяспечыць эфектыўныя зносіны і камунікатыўны поспех.

Асаблівасці жаночых камунікатыўных паводзін:

  1. Жанчыны значна лягчэй змяняюць свае планы, уносяць карэктывы, часам вельмі істотныя, да хуткага прыняцця цалкам супрацьлеглага плана дзеянняў.
  2. Жанчыны менш настойлівыя ў рэалізацыі сваіх стратэгічных планаў.
  3. Жанчыны менш стрыманыя ў праявах эмоцый і больш дэманструюць свае эмоцыі іншым людзям.
  4. Пры ўспрыманні і ацэнцы чалавека або сітуацыі жанчына схільная ўспрымаць і сітуацыю, і канкрэтнага чалавека ў дэталях у адрозненне ад мужчыны, які і чалавека, і сітуацыю ўспрымае цэласна.
  5. У жанчын пераважае канкрэтна-вобразны характар мыслення, у мужчын жа больш развітое абстрактна-лагічнае мысленне.
  6. Жаночая самаацэнка звязана перш за ўсё з сямейным становішчам, а мужчынская напрамую залежыць ад прафесійных дасягненняў.
  7. Жанчыны вельмі лёгка ў параўнанні з мужчынамі пераключаюцца з думак на пачуцці, для мужчын гэта цяжка.
  8. Жанчыны хутчэй за мужчын прымаюць рашэнні.
  9. У жанчын вельмі высокая псіхічная пераймальнасць, здольнасць паддавацца агульнаму эмацыйнаму настрою.
  10. Жанчыны часта схільныя бачыць маленькія праблемы як вялікія, драматызуючы нязначныя падзеі; мужчыны ўмеюць такія падзеі проста не заўважаць.
  11. У разважаннях жанчыны часта прапускаюць лагічныя звёны, што мала характэрна для мужчынскіх разважанняў.
  12. Жанчыны больш упэўнена адчуваюць сябе ў мужчынскім калектыве, любяць кіраўнікоў-мужчын, валодаюць дарам пераканання ў мужчынскім асяроддзі. Жанчына звычайна лічыць, што канфлікт з жанчынай-кіраўніком вырашыць немагчыма.
  13. Жанчыны больш за мужчын любяць вучыцца.
  14. Жанчыны, у адрозненне ад мужчын, не заўсёды ведаюць сваю мэту і ад гэтага часта адчуваюць нездаволенасць, унутраны непакой.
  15. Жанчына мае большую патрэбу ў зносінах.
  16. Жанчыны самасцвярджаюцца праз узаемаадносіны, найважнейшым элементам якіх заўсёды выступаюць зносіны; мужчына ж самасцвярджаецца праз прафесійную дзейнасць.
  17. Жанчына лёгка звяртаецца да розных людзей, у тым ліку і да начальства, з просьбамі і пытаннямі, бо ўспрымае сваё пытанне як сродак атрымання інфармацыі.
  18. Жанчыны ў працэсе зносін сочаць пераважна за манерай, тонам, стылем зносін.
  19. Для жанчын сам факт размовы важнейшы за яго выніковасць.
  20. Калі жанчына скардзіцца на што-небудзь, яна чакае перш за ўсё спачування ў свой адрас.
  21. Жанчыны задаюць многа канкрэтызуючых пытанняў, каб паказаць свой удзел і зацікаўленасць; мужчына звычайна пазбягае задаваць пытанні, паважаючы незалежнасць суразмоўцы.
  22. Жанчына значна лягчэй за мужчыну прамаўляе “не ведаю”.
  23. Жанчыны звычайна лепш за мужчын умеюць тлумачыць.
  24. Жанчыны больш актыўна ўдзельнічаюць у прыватных гутарках, а мужчыны – выступаюць публічна.
  25. Жанчына – актыўны, зацікаўлены слухач.
  26. Выступаючы з публічнымі паведамленнямі, аргументуючы што-небудзь, жанчыны часцей за мужчын выкарыстоўваюць прыклады са свайго ўласнага жыцця і жыцця сваіх знаёмых.
  27. Жанчыны любяць дэталі і падрабязнасці.
  28. Камунікатыўная мэта жанчыны – усталяваць і падтрымаць адносіны, таму яна схільная да кампрамісаў, шукае згоды, прымірэння.
  29. Значную частку інфармацыі ў працэсе зносін жанчына атрымлівае невербальна, таму ёй так важна быць побач з суразмоўцам.
  30. Жанчыны садзяцца бліжэй адна да адной, чым мужчыны, глядзяць суразмоўцу ў вочы. Мужчыны не любяць глядзець суразмоўцу ў вочы і звычайна стараюцца сесці пад вуглом да суразмоўцы.
  31. Жаночая гаворка больш збыткоўная за мужчынскую, таму што трэць часу жанчына збіраецца з думкамі і аднаўляе перапынены ход размовы.
  32. У жанчын ёсць звычка “думаць услых”.
  33. Жанчына часцей звяртаецца да суразмоўцы ў гутарцы, называючы яго па імені або па імені па бацьку.
  34. Жанчына прамаўляе больш клічных сказаў, чым мужчына.
  35. У маўленні жанчыны часцей за мужчын ужываюць уласныя імёны, займеннікі, прыметнікі.
  36. Тыповай асаблівасцю жаночых зносін з’яўляецца звычка пачынаць размову з падрабязнасцей, а не з галоўнага.
  37. Жанчыны лепш разумеюць і ўспрымаюць вусную інфармацыю.
  38. Жанчыны лепш за мужчын разумеюць падтэкст.
  39. Жанчыны больш крыўдлівыя ў размове, чым мужчыны.

Асаблівасці мужчынскіх камунікатыўных паводзін:

  1. Мужчынскія зносіны практычна заўсёды арыентаваны на вынік, на прыняцце рашэння.
  2. Мужчына больш жорстка, чым жанчына, кантралюе тэму размовы, яго раздражняе адхіленне ад тэмы і пераскокванне з аднаго на іншае.
  3. Для мужчыны важна, каб зносіны былі аддзелены ад справы.
  4. Мужчыны любяць “сутнасць” і патрабуюць пачынаць гутарку з галоўнага, абыходзіцца без падрабязнасцяў і шматлікіх дэталей.
  5. Мужчыны больш катэгарычныя ў фармулёўках, чым жанчыны.
  6. У дыялогу мужчыны часцей схільныя аспрэчваць заявы і сцверджанні партнёра, часцей выказваюць нязгоду.
  7. Мужчыны часцей, чым жанчыны, схільныя ігнараваць у працэсе дыялогу заўвагі партнёра.
  8. Мужчыны перабіваюць жанчын у два разы часцей, чым жанчыны мужчын.
  9. Мужчыну дастатковы меншы аб’ём зносін, чым жанчыне. Мужчыны нешматслоўныя і больш маўклівыя.
  10. Мужчыны, у параўнанні з жанчынамі, у два-тры разы менш задаюць пытанняў суразмоўцу.
  11. Мужчыны не любяць, калі ім задаюць шмат пытанняў.
  12. Мужчыны любяць “слухаць сябе”.
  13. Мужчыны больш за жанчын любяць спрачацца, дэманстраваць сваю кампетэнтнасць, даказваць сваю правату, прыводзіць пераканаўчыя
    (з іх пункту гледжання) аргументы.
  14. Мужчыны схільныя даваць гатовыя парады, не асабліва выслухоўваючы суразмоўцу і не задаючы яму дадатковых пытанняў.
  15. Мужчыны схільныя да кароткіх ацэнак і амаль не ўмеюць даваць разгорнутых.
  16. Неэмацыянальнасць – важны складнік мужчынскіх паводзін.
  17. Мужчына горш валодае навыкамі звязнага маўлення. Ён схільны да дыялагізму ў зносінах і не любіць прамаўляць доўгіх звязных прамоў.
  18. У спрэчцы мужчына імкнецца перавесці размову з узроўню пачуццяў на ўзровень інтэлекту, логікі.
  19. Мужчыну цяжка прасіць прабачэння, асабліва перад жанчынамі.
  20. Мужчыны не любяць кансультавацца, таму што гэта азначае для іх прызнаць сваю некампетэнтнасць.
  21. Мужчыны гавораць, паніжаючы ў канцы фразы інтанацыю, што надае іх прамове прыкметы ўпэўненасці, пераканаўчасці і безапеляцыйнасці.
  22. Фразы, якія вымаўляюцца мужчынамі, у сярэднім на 2–3 словы карацейшыя, чым у жанчын.
  23. Мужчыны больш за жанчын ужываюць назоўнікаў і слоў з абстрактным значэннем.
  24. Мужчына павольней за жанчыну рэагуе на пытанні і патрабаванні ў свой адрас, ён не любіць хутка адказваць і наогул хутка рэагаваць.
  25. Мужчына разважае моўчкі, імкнецца выдаць у славеснай форме ўжо гатовы вынік мыслення і не любіць разважаць услых, як жанчына.
  26. Мужчыны лепш разумеюць пісьмовы тэкст, чым вусны, і горш за жанчын адрозніваюць нюансы інтанацый.
  27. Мужчыны дрэнна разумеюць падтэкст, намёкі.
  28. Мужчыны мала ўвагі надаюць форме прамовы, а больш –
    яе зместу.
  29. Любую эмацыйную гаворку мужчына ўспрымае іранічна і скептычна, з некаторай насцярожанасцю.
  30. Асацыяцый на словы суразмоўцы ў мужчыны ўзнікае менш, чым у жанчын, мужчынскія асацыятыўныя рады карацейшыя і рацыянальнейшыя.
  31. Парады ў свой адрас мужчына ўспрымае як крытыку, сумненне ў яго кампетэнтнасці.
  32. Мужчына не выносіць іроніі на свой адрас, асабліва ад жанчыны.
  33. Мужчына аддае перавагу нагляднай дэманстрацыі пачуццяў, а не славеснай, ён не патрабуе славеснай дэманстрацыі пачуццяў да сябе.
  34. Мужчыны вельмі іранічна ўспрымаюць шматслоўе, пры якім яны вымушаныя прысутнічаць [16, с. 44–48].